Раздзел 4. Фразеалогія
Тэма 4.1. Прадмет, задачы, аб’ём фразеалогіі.
Семантычная, марфалагічная, сінтаксічная, стылістычная характарыстыка фразеалагізмаў
Фразеалогія (грэч. phrasis — выраз, грэч. logos — вучэнне) – 1) раздзел мовазнаўства, які вывучае фразеалагічную сістэму мовы ў яе сучасным функцыянаванні і з пункту гледжання гістарычнага развіцця; 2) сукупнасць характэрных сродкаў выказвання думкі, уласцівых пэўнай сацыяльнай групе, асобным аўтару, літаратурна-публіцыстычнаму кірунку, дыялекту або групе гаворак; 3) сукупнасць фразеалагізмаў той ці іншай мовы. У фразеалогіі кожнага народа прадстаўлены стэрэатыпы паводзін этнасу, яго культура, традыцыі, звычаі. Аб'ектам фразеалогіі як мовазнаўчай дысцыпліны з'яўляецца сукупнасць усіх фразеалагізмаў мовы. Прадметам фразеалогіі з'яўляецца вывучэнне катэгарыяльных прыкмет фразеалагізмаў, на аснове чаго акрэсліваецца аб'ект фразеалогіі, даследуецца прырода і сутнасць фразеалагічных зваротаў, выяўляюцца заканамернасці іх функцыянавання ў маўленні. Фразеалогію падзяляюць на сінхронную (апісальную) і дыяхронную (гістарычную). Сінхронная фразеалогія даследуе заканамернасці функцыянавання фразеалагізмаў у сучаснай мове. У яе межах вылучаюць фразеалагічную семасіялогію – навуку, якая в даследуе спецыфіку фразеалагічнага значэння, семантычную структуру фразеалагізмаў і іх сістэмна-семантычныя сувязі. Фразеалагічная стылістыка высвятляе стылістычныя ўласцівасці і функцыі фразеалагічных адзінак у розных стылях маўлення. Супастаўна-параўнальная фразеалогія выяўляе ўніверсальныя і ўнікальныя нацыянальна-спецыфічныя ўласцівасці фразеалагізмаў розных моў пры супастаўляльным аналізе. Дыяхронная вывучае фразеалогію ў яе гістарычным развіцці, а менавіта: фарміраванне фразеалагічныя фонду мовы ў цэлым або на асобных гістарычных этапах яго развіцця, фраземаўтварэнне, этымалогію і паходжанне асобных фразеалагізмаў. Асобна вылучаюць фразеаграфію – тэорыю і практыку складання фразеалагічных слоўнікаў розных тыпаў («Фразеалагічны слоўнік: Для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, I. Я.Лепешава, Ф. M. Янкоўскага і інш.).
Уклад у развіццё тэорыі фразеалогіі зрабілі беларускія і замежныя навукоўцы, даследчыкі фразеалогіі розных нацыянальных моў. Сярод іх замежныя навукоўцы: Н. Амосава, В. Вінаградаў, В. Жукаў, А. Кунін, В. Телія, многія сучасныя беларускія аўтары: І.Лепешаў, Г. Малажай, М. Аляхновіч, В. Ляшчынская, В. Касцючык і інш. Фундаментальныя асновы фразеалагічных даследаванняў грунтуюцца на працах навукоўцаў XIX і першай паловы XX ст.: А. Патабні, Ф. дэ Соссюра, лінгвапсіхалагічных канцэпцыях В. фон Гумбальдта. Станаўленне фразеалогіі як навукі звязана з імем швейцарскага лінгвіста Шарля дэ Балі, аўтара кніг “Нарысы са стылістыкі” і “Французская стылістыка”. Яго ідэі леглі ў аснову далейшых фразеалагічных даследаванняў, у прыватнасці шырокавядомай канцэпцыі выдатнага рускага лінгвіста В.У. Вінаградава.
Этапы вывучэння ўсходнеславянскай фразеалогіі:
1) 20-40-я гады XX ст. – спроба вызначыць месца фразеалогіі ў коле мовазнаўчых дысцыплін;
2) 50-60-я гады – развіццё ідэй В. Вінаградава, распрацоўка асноўных канцэпцый, станаўленне двух падыходаў да вызначэння аб'ёму фразеалогіі-шырокага і вузкага;
3) 70-80-я гады – прыцягненне да вывучэння фразеалогіі лінгвістычных, гістарычных, фальклорных, этнаграфічных дадзеных, шырокіх генетычных і тыпалагічных паралеляў. Апошні перыяд яшчэ вядомы як перыяд структурна-семантычнага вывучэння фразеалогіі.
Аднак з сярэдзіны 70-х-пачатку 80-х гадоў XX ст. стаў усведамляцца крызіс структурна-семантычнай парадыгмы. Усё прыкметней пачала выяўляцца тэндэнцыя разглядаць фразеалагічных матэрыял у яго функцыянальна-маўленчым ўжыванні, укараняць у фразеалогію метады, якія апісваюць лексічную і фразеалагічныя семантыку ў іх узаемадзеянні на працягу арганізацыі выказвання і тэксту. Усведамленне неабходнасці вывучэння фразеалагізмаў у іх жывым маўленчым ужыванні і пошук метадаў іх апісання, у адпаведнасці з якімі можна мадэляваць гэтыя працэсы, складаюць сутнасць гэтага “некласічнага” перыяду развіцця фразеалогіі.
Аўтары энцыклапедыі “Беларуская мова” адзначаюць: “1960-70-я гады вызначаліся збіраннем і вывучэннем беларускай дыялектнай фразеалогіі (слоўнікі Ф. М. Янкоўскага). Былі зроблены першыя крокі ў вылучэнні фразеалагічных арэалаў беларускай мовы (Ф. М. Янкоўскі, Э. Д. Блінава, E. С. Мяцельская, 3. А. Рудакоўская) i беларуска-іншаславянскіх ізафразем (А. С. Аксамітаў). Працягам вывучэння фразеалагічнага складу беларускай літаратурнай мовы, пачатага ў 50-я гады (Г. М. Базыленка), з'явіліся даследаванні фразеалогіі ў творах пісьменнікаў (I. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі, С. К. Берднік, А. С. Аксамітаў, Т. М. Трыпуціна і інш.), а таксама вывучэнне фразеалогіі пісьменніка ў плане індывідуальна-моўнай дзейнасці (I. Я. Лепешаў), фразеалагічнай перыфразы (Г. М. Малажай), фразеаўтварэння ў яго дынаміцы (У. I. Коваль).
У 1970-80-я гады праводзіліся даследаванні ў галіне беларускай гістарычнай фразеалогіі: зроблена спроба даць апісанне фразеалагічнага матэрыялу розных сінхронных арэалаў беларускай мовы (I. C. Қозыраў, T. I. Тамашэвіч, М. М. Аляхновіч, B. I. Несцяровіч), выявіць заканамернасці гістарычнага развіцця фразеалагічнага складу беларускай мовы (А. С. Аксамітаў)” [3, с. 592].
Галоўнымі аспектамі вывучэння беларускай фразеалогіі на сучасным этапе з'яўляюцца кагнітыўны і лінгвакультуралагічны, якія прадугледжваюць выяўленне знакавых паняццяў культуры народа, яго традыцый, звычаяў, абрадаў, вераванняў, забабонаў, міфаў, адлюстраваных у фразеалагізмах. Апісанне заканамернасцяў знакавай інтэрпрэтацыі ў фразеасістэме культурных кодаў беларускага этнасу, выяўленне каштоўнасных арыентацый этнасу, характарыстыку сувязяў фразеалагічных адзінак са структурай этнасвядомасці, сэнсаўтваральнымі механізмамі якой з'яўляюцца не толькі мысленне, але і адчуванні, пачуцці, вобразы, інтуіцыя.
Асноўнай адзінкай фразеалогіі з'яўляецца фразеалагічны зварот (фразеалагізм, фразема). Гэта адметная адзінка мовы, якая складаецца з двух або большай колькасці паасобна аформленых кампанентаў і характарызуецца ўзнаўляльнасцю, цэласнасцю значэння, устойлівасцю лексічнага складу і граматычнай будовы. Фразеалагізмы з'яўляюцца рэпрэзентантамі культуры этнасу, экспрэсіўнымі і вобразнымі адзінкамі. Яны цесна звязаны з аксіялагічнасцю, выказваюць станоўчую ці адмоўную ацэнку прадмета гаворкі.
Фразеалагізмы, як і словы, называюць паняцці і абазначаюць з'явы рэчаіснасці, таму яны выступаюць у ролі сінонімаў да асобных слоў: тлуміць галаву – надакучаць, вешаць лапшу на вушы — падманваць, трымаць язык за зубамі – маўчаць. Значэнне фразеалагічный адзінкі – вынік пераноснага ўжывання свабоднага спалучэння. Фразеалагічныя значэнне можа развівацца і мяняцца. Гэта адбываецца, калі на базе свабоднага словазлучэння з прычыны яго пераноснага ўжывання ўзнікае першасна-вобразнае значэнне. Наступнае ж значэнне нараджаецца ўжо на аснове паўторнага пераасэнсавання значэння першай фразеалагічнай адзінкі, гэта значэнне з'яўляецца другасна-вобразным. Можна сказаць, што пэўнай частцы фразеалагізмаў уласцівая полісемія. Скажам, у злучэнні аддаць канцы прамое нефразеалагічнае значэнне – ‘адвязаць канат, калі судна адшвартоўваецца’; пераноснае, першасна-вобразнае (першае фразеалагічнае) – сыходзіць або ад'язджаць аднекуль (адносна людзей); наступнае фразеалагічнае значэнне ‘сыходзіць з жыцця, паміраць’.
А.М. Клачко адзначае: “Фразеалагізмы маюць некаторыя агульныя рысы і са словам і са свабодным словазлучэннем. Яны, як і словы, выражаюць адно паняцце і маюць адзінае лексічнае значэнне, таму часта знаходзяцца ў сінанімічных адносінах з асобнымі словамі: даць знаць 'паведаміць', зарубіць на носе 'запомніць', спасці з цела 'схуднець'. Шматлікія свабодныя словазлучэнні, набываючы пераносныя значэнні, станавіліся фразеалагізмамі. Пры гэтым словы ў іх паступова трацілі (поўнасцю ці часткова) свае лексічныя значэнні і набывалі адзінае: жывая душа 'чалавек', млын пусты 'балбатун', як вуж круціцца 'хітрыць'.
Фразеалагізмы (фраземы) маюць свае прыкметы. Яны, як і свабодныя словазлучэнні: 1) складаюцца не менш як з двух слоў: стрымаць слова 'выканаць абяцанне', хлеб надзённы 'самае істотнае', жыць сваім розумам 'прытрымлівацца сваіх поглядаў'; 2) скарыстоўваюцца як ужо вядомыя моўныя адзінкі з пэўным сэнсам, а не ўтвараюцца ў час гутаркі: блізкі свет 'далёка', збоку прыпёку 'лішні', звесці рахункі 'расквітацца'; 3) маюць адзінае лексічнае значэнне, якое ў многіх выпадках не вынікае са значэння слоў-кампанентаў, напрыклад: фразеалагізм зарубіць на носе мае значэнне 'запомніць (мець на ўвазе)', але яно не вынікае са значэння трох слоў, з якіх складаецца фразеалагізм. Тое самае бачым у фразеалагізмах выйсці сухім з вады 'апраўдацца, пазбегнуць пакарання', душа ў пятках 'моцны, вялікі спалох', гайкі закручваць 'павышаць патрабаванні', малоць лухту' гаварыць недарэчнае', язык прыкусіць 'замоўкнуць'.
Фразеалагізмы незалежна ад колькасці слоў у іх з'яўляюцца адным членам сказа: Рэвалюцыя паставіла яго на ногі. (К-с) – паставіла на ногі 'палепшыла становішча' –выказнік.” [1, с. 111-112].
А.А. Аксамітаў адзначае: “Вызначальнай уласцівасцю фразеалагізмаў з'яўляецца семантычная цэласнасць кампанентаў, якая выяўляецца ў стабільнасці іх лексічнага складу, а ў шэрагу выпадкаў – іх марфалагічнага афармлення і сінтаксічнай арганізацыі, напрыклад, абое рабое, як мае быць, было не было, куды там. У залежнасці ад ступені семантычнай цэласнасці кампанентаў фразеалагізма В. У. Вінаградавым вылучаны наступныя тыпы фразеалагічных адзінак: фразеалагічныя зрашчэнні – семантычна непадзельныя ўстойлівыя словазлучэнні, значэнні якіх зусім незалежныя ад значэнняў лексічнага складу іх кампанентаў: бібікі біць 'гультаяваць, марнаваць час', чортам падшыты 'непаседлівы, вяртлявы'; фразеалагічныя адзінствы – таксама семантычна непадзельныя ўстойлівыя слоўныя комплексы, цэласнасць якіх (у адрозненне ад фразеалагічных зрашчэнняў) матывавана словамі-кампанентамі, што ўваходзяць у іх склад: налажыць галавой 'прапасці, загінуць', мелка плаваць 'не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой-небудзь справе', 'займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча'; фразеалагічныя злучэнні – найбольш аналітычныя (свабодныя) у семантычным і сінтаксічным планах устойлівыя слоўныя комплексы, адзін з кампанентаў якіх ужываецца ў фразеалагічна звязаным значэнні або ў пераносным, а другі - у свабодным: адвесці ўдар, чорная работа, зазірнуць у будучыню. У фразеалагізме траскучы мароз другі кампанент мароз свабодна ўжываецца ў мове. Слова мароз можа спалучацца не толькі са словам траскучы, але і з шэрагам іншых слоў, розных паводле свайго значэння. Што датычыцца слова траскучы, то яно трывала звязана са словамі мароз і фраза ў складзе фразеалагічных злучэнняў траскучы мароз, траскучая фраза, г. зн. мае фразеалагічна звязанае значэнне.
У адрозненне ад фразеалагічных адзінстваў фразеалагічныя злучэнні амаль што не маюць аманімічных ім свабодных словазлучэнняў, а словы з фразеалагічна звязанымі значэннямі ў іх складзе могуць замяняцца сінонімамі: траскучы мароз – моцны мароз, траскучая фраза – напышлівая, выхвальная фраза. Таму нельга гаварыць аб поўнай дэсемантызацыі кампанентаў фразеалагічных злучэнняў, якая назіраецца ў фразеалагічных адзінствах і асабліва фразеалагічных зрашчэннях.
Некаторыя фразеолагі (М. М. Шанскі) вылучаюць з фразеалагічных адзінак яшчэ так званыя фразеалагічныя выразы, якія складаюцца з слоў са свабодным значэннем (у іх складзе няма слоў з фразеалагічна звязаным значэннем, як у фразеалагічных злучэннях) і з'яўляюцца семантычна члянімымі. Але ў адрозненне ад свабодных спалучэнняў слоў яны не ствараюцца нанава тым, хто іх вымаўляе, а ўзнаўляюцца (бяруцца з памяці цалкам) такім спосабам, як і асобныя словы або фразеалагізмы, раўназнач ныя слову. Напрыклад, на чыім возе едзеш, таму і песню спявай, асадзі назад, не ўсё тое золата, што блішчыць.
Фразеалагічны склад мовы з'яўляецца непасрэдным кампанентам культуры, крытэрыем духоўнасці народа. Існаванне трапных выразаў сведчыць пра шматвяковую творчасць народа, яго светапогляд, культуру. У іх адлюстравана фізічная карціна навакольнага свету, сацыяльнае і побытавае жыццё чалавека, сам чалавек з яго эмоцыямі, унутраным светам. У фразеалогіі рэалізуюцца катэгорыі вобразнасці, метафарычны код мовы. Як сродкі вобразна-мастацкага адлюстравання знешняга і ўнутранага жыцця фразеалагічныя адзінкі ўвабралі ў сябе міфалагічныя, рэлігійныя, этычныя ўяўленні народа розных часоў. Так, са старажытнагрэчаскай мовы паходзяць фразеалагізмы: аўгіевы стайні 'запушчанае, забруджанае месца', пракрустава ложа 'мерка, пад якую падганяюць з'яву, якая пад яе не падыходзіць', паміж Сцылай і Харыбдай 'у безвыходным становішчы', траянскі конь 'скрытая небяспека'. 3 лацінскай мовы праз іншыя ў беларускую мову ўвайшлі фразеалагізмы: залатая сярэдзіна 'прамежкавае становішча', пальма першынства 'першае месца ў дасягненні чаго-небудзь', анібалава клятва 'выражэнне рашучасці весці барацьбу да поўнай перамогі', белая варона 'асоба, якая выдзяляецца сярод іншых'. У мове-крыніцы яны ўтварыліся з афарызмаў, выслоўяў, прыказак, створаных на глебе антычнай гісторыі і міфалогіі. З прычыны шырокай распаўсюджанасці ў шматлікіх мовах, дзе яны прыжыліся і выкарыстоўваюцца як свае, гэтыя фразеалагізмы набылі інтэрнацыянальны характар i з'яўляюцца адзінкамі міжнароднага фразеалагічнага фонду. А такія, напрыклад, фразеалагізмы, як жыць з мазаля, гула смаленая, вадзіць дзяды, пасля гэбля тапаром і іншыя адлюстроўваюць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы, яе самабытнасць і разам з тым універсальнасць. Яны выражаюць сутнасць з'яў, якія адлюстроўваюць спосаб жыцця і характар народа, яго гісторыю, духоўнае жыццё і псіхалогію, нацыянальныя традыцыі і звычаі, этнічны побыт, тэмперамент. рын), які зводзіуся галоўным чынам
Пад фразеалагічнымі амонімамі разумеюць такія фразеалагічныя адзінкі, якія цалкам супадаюць па кампанентным складзе, але не маюць нічога агульнага ў значэнні: пускаць пеўня — значыць ‘падпаліць нешта...’, а таксама можа мець значэнне ‘піснуць, спяваючы або гаворачы’; Узнікненне амонімаў прадвызначаецца рознымі спосабамі фразеалагізацыі таго ж свабоднага словазлучэння. У сучасным мовазнаўстве фразеалагічныя амонімы вывучаны яшчэ недастаткова. Даследчыкі адзначаюць, што аманімічных фразеалагізмаў у параўнанні з лексічнымі значна менш.
Значэнне можа таксама аб'ядноўваць розныя фразеалагізмы ў сінанімічных рад: ‘быць блізкім да смерці’ – на ладан дыхаць, быць адной нагой у магіле і інш.
Аб'ядноўваючыся агульным значэннем, сінанімічныя фразеалагічныя адзінкі адрозніваюцца пэўнымі семантычнымі адценнямі. Так, фразеалагічныя сінонімы, што абазначаюць паняцце ‘многа’ могуць мець такія адценні: як зорак у небе, – спалучаецца з шырокім колам паняццяў; куры не клююць і хоць лапатай заграбай — у дачыненні да грошай, каштоўнасцяў; як грыбоў пасля дажджу — акрамя значэння ‘шмат’ мае яшчэ і адценне ‘хутка’.
Фразеалагічныя антонімы – гэта дзве фразеалагічныя адзінкі з супрацьлеглымі значэннямі, напрыклад: куры не клююць – як кот наплакаў; жыць як кошка з сабакам – жыць душа ў душу.
У складзе сказа фразеалагізмы выступаюць адным членам, паколькі выказваюць адно лексічнае значэнне: у ролі выказніка (яны цэлымі днямі лясы точаць), акалічнасці (ён выскачыў, як Піліп з канапель) і інш.
Фразеалагічныя адзінкі суадносяцца з рознымі часцінамі мовы. Па прыналежнасці цэласных кампанентаў фразеалагізмаў да адпаведных лексіка-граматычным класаў слоў адрозніваюць наступныя лексіка-граматычныя разрады: дзеяслоўныя: біць лынды, браць быка за рогі, спачываць на лаўрах,; назоўнікавыя: белая пляма, блудная авечка, бабіна лета; прыслоўныя: рана ці позна, коратка і ясна; прыметнікавыя: востры на язык, цяжкі на пад’ём; выклічнікавыя: вось табе і на!
Па структуры фразеалагізмы могуць складаць асобныя самастойныя сказы або словазлучэнні, якія ўтвараюцца спалучэннем: назоўнік + прыметнік (мядовы месяц; заячая душа; манна нябесная)-, назоўнік + назоўнік (корань зла; казёл адпушчэння); назоўнік + займеннік (Бог з ім); назоўнік + лічэбнік (на сёмым небе) -, дзеяслоў + назоўнік (выцерці нос, даць гарбуза); дзеяслоў + прыслоўе (сысці навекі); займеннік + прыслоўе (не ўсе дома). У асобную групай вылучаюць фразеалагізмы-параўнанні (як снег на галаву; як карова языком злізала; як мёртваму кадзіла; як пятае кола да возе), фразеалагізмы-адмоўі (ні рыба ні мяса; ні кала ні двара).
На падставе генетычных, структурных, функцыянальных прыкмет сярод фразеалагізмаў можна вылучыць прыказкі, крылатыя выслоўі, афарызмы, максімы, сентэнцыі, парадоксы.
Прыказка – трапны вобразны выраз, часта рытмічны паводле будовы, сінтаксічна завершаны, якое мае павучальны змест: як дбаеш, , так і маеш; чкое карэнне, такое і насенне.
Крылатыя выразы – распаўсюджаныя і агульнавядомыя трапныя звароты мовы, крыніца якіх можа быць усталявана: Вывучэнне мовы – найпяшчотнейшы дотык да сэрца дзіцяці (В. Сухамлінскі) [3, с. 531–533].
Афарызмы (грэч. αφορισμός – выказванне) - абагульненая, зкончаная і глыбокая думка пэўнага аўтара, выказаная ў адшліфаванай форме. Характэрнымі рысамі афарызма з'яўляюцца трапнасць, выразнасць, здольнасць да самастойнага існавання: Дух бачыць далей і глыбей, чым зрок (Н. Мацяш); Пакуль балiць душа, З надзеяй можа бiцца сэрца (Р. Барадулін); Божа, паспагадай усім, І магутнаму, і слабому, І відушчаму, і сляпому, Каб у згодзе жылося ім (Р. Барадулін); Вочы маці – вечнасці акно (Л. Галубовіч); Самае складанае ганчарства – гэта ляпіць чалавека (А. Бадак).
Прыметы афарызма:
- Глыбіня думкі, якая імкнецца да ісціны.
- Абагульняльны характар, які заключаецца ў сінтэзе фактаў, што дазваляюць зрабіць выснову.
- Лаканічнасць. У афарызме глыбокая думка як бы згушчаецца, канцэнтруецца.
- Завершанасць думкі.
- Адточанасць думкі, максімальная дакладнасць, выразнасць, даведзеная да дасканаласці.
- Мастацкасць, якая дасягаецца дзякуючы выкарыстанню розных стылістычных фігур і тропаў.
Афарызм – маленькі славесны шэдэўр, сплаў розуму і прыгажосці.
Такім чынам, афарызм – выказванне, якое выражае абагульненую думку. Для афарызма абавязковыя закончанасць думкі, яркасць, адточанасць яе формы.
Большасць афарызмаў – аднасказавыя адзінкі: Каханне і прынізіць, і.. узніме, Пакуль у ім жывае душа мая (Р.Баравікова); Маці не нараджаюцца, іх пасылае Бог Кожнаму, Каб чалавекам застацца змог (Р.Барадулін); Школа для таго, каб людзі маглі перадаць адзін аднаму сваю багатую душу (В. Каваленка); У людзей багацце адно – чалавечае добрае слова (С. Законнікаў); У сэрцы ці ўзімку, ці ўвесну Богу й маці няцесна (Р. Барадулін). У лік афарызмаў уваходзяць і разгорнутыя структуры – тэксты: Непамерную сілу мае Слова! Яно спыняе кроў і наводзіць сон, авалодвае ветрам і насылае градабой, знаходзіць у нетрах клад і насылае процьму злыдняў, а таксама, бывае, выклікае нябожчыкаў. Ёсць Слова вешчае і Слова нядобрае, якое, сказанае ў пэўны час, абернецца няшчасцем. (В. Іпатава).
Афарызмы, з’яўляючыся выразнікам глыбокай думкі, вучаць не толькі разважаць, але і афармляць свае думкі ў словы; яны – адзін са сродкаў авалодання мастацтвам слова, рыторыкі: Мова…Мае ў ёй кожнае слова Свой колер і смак, і пах (А. Грачанікаў); Жыццё – Пазычаны ў вечнасці час Для нас (Р.Барадулін); З гадамі каханне праходзіць, Навек застаецца любоў (С.Грахоўскі); Непрыгожых жанчын не бывае, Проста шмат невідушчых мужчын (Г. Бураўкін); Каханне наша, як пажар. Але ніхто яго не тушыць. Шугае полымя да хмар І спапяляе жарам душы (Л. Пранчак); Маці не нараджаюцца, іх пасылае Бог Кожнаму, Каб чалавекам застацца змог (Р. Барадулін).
У афарыстычных выслоўях сканцэнтраваны духоўнасць народа, вера ў Бога, нормы маралі: Чалавек жыве дзеля дабра, дзеля служэння праўдзе (Якуб Колас); Перад Госпадам трэба мець страх, жыць у праўдзе, быць шчырым і годным (М. Ільючык); Свет чалавечы прагне людскасці (Н. Мацяш); Хай жа зло цябе не пераможа, ты дабром яго перамажы (Р. Барадулін); Пачынаецца дарога з парога, якую ні выбірай – усе дарогі вядуць да Бога (Р. Барадулін); Не выхваляйся дабрынёю, рабі дабро ты моўчкі лепш (П. Броўка).
Парадокс (ад стар.-грэц. παράδοξος — ‘нечаканы, дзіўны’[) - думка, рэзка разбежная з устоянымі поглядамі і першапачаткова нібыта супярэчыць сабе: Сапраўдны сябар — гэта не той, хто падтрымлівае цябе ў гора, а той, хто зможа парадавацца твайму поспеху; не кажы свайму сябру таго, што не павінен ведаць твой вораг (А.Шапенгаўэр); Мой спосаб жартаваць – гэта казаць праўду (Б. Шоу).
Да фразеалагізмаў прымыкаюць перыфразы – “апісальныя назвы асобных прадметаў, прымет, дзеянняў, напрыклад: другі хлеб - бульба, беларускі шоўк – лён, жамчужына роднага краю - Белавежская пушча, гаспадар пушчы - зубр, гарласты вястун раніцы - певень, помнік вечнай славы – Мінск, жніўны карабель – камбайн, блакітнае паліва – газ і г. д.
Шматлікія перыфразы па-за кантэкстам – гэта свабодныя словазлучэнні, якія абазначаюць прадметы, прыметы, дзеянні. І толькі ў працэсе маўлення, у кантэксце такія словазлучэнні становяцца асобнымі найменнямі, яны выступаюць семантычна непадзельнымі, напрыклад: Апалі на землю халодныя слёзы, што гнулі былінкі к зямлі. (Колас). З гэтых радкоў мы даведваемся, што халодныя слёзы – гэта раса. Пра тое, што перыфраза салодкі хлеб маленства з'яўляецца апісальнай назвай малака, даведваемся з радкоў другога паэта: Мне праз гады чуваць твой водар тонкі, салодкі хлеб маленства – малако. (П. Макаль)
Перыфрастычныя назвы вобразна характарызуюць прадметы і з'явы рэчаіснасці, перадаюць эмацыянальныя адносіны да іх, выяўляюць індывідуальна-мастацкае бачанне свету: Я люблю сустракаць з першай ранняй зарою вестуноў шызакрылых вясенняй парою. (М. Танк); шызакрылыя вестуны – пералётныя птушкі.
Перыфразы маюць свае сінонімы: разведчыкі космасу, зорныя браты – касманаўты; лясны рыцар, лясны салдат – партызан; сын зямлі, сын планеты, уладар зямлі - чалавек” [1, с. 117].